Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на назначэнне Ігара Луцкага на пасаду старшыні праўлення ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал".
Цяпер Ігар Луцкі з'яўляецца старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.
Раней ён на працягу шэрага гадоў працаваў на кіруючых пасадах у вядучых рэспубліканскіх СМІ. Быў першым намеснікам генеральнага дырэктара інфармагенцтва БЕЛТА, кіраваў ЗАТ "Сталічнае тэлебачанне".
У кар'еры новага кіраўніка АНТ таксама ёсць працяглы перыяд працы ў Міністэрстве інфармацыі, у тым ліку на пасадзе міністра. А да выбрання ў Савет Рэспублікі Ігар Луцкі таксама непасрэдна курыраваў медыясферу на пасадзе намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб назначэнні Ігара Луцкага, выказаў пажаданне, каб у работу канала ў тым ліку было прыўнесена і нешта новае - сваё. "Ён тэлевізійны работнік добры, у СМІ выдатна разбіраецца, падрыхтаваны чалавек. Але ён павінен стаць пазнаваемым", - сказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што на пасаду кіраўніка тэлеканала прапаноўваліся і іншыя кандыдатуры, і нядрэнных журналістаў. "Але я проста іх пашкадаваў. Мы можам іх загубіць, - заўважыў кіраўнік дзяржавы. - Тых, якіх прапаноўвалі, я баюся проста страціць. Яны не чыноўнікі. Яны добрыя журналісты, калектыў ведаюць. Усё гэта так. Але яны… Тут усё ж такі кіраўніком трэба быць. І канал няпросты. Ён ужо зарэкамендаваў сябе добра. Таму любая памылка будзе заўважана гледачамі, насельніцтвам, ужо не гаворачы пра Адміністрацыю Прэзідэнта і гэтак далей".
У гэтым плане ў Ігара Луцкага ёсць багаты вопыт работы ў дзяржструктурах, аўтарытэт, што дае добры зачын на старце. "Ён прыйдзе заўтра ў калектыў, а журналісты ж такія… А да яго прэтэнзій не прад'явіш - аксакал прыйшоў. Далей няхай дабаўляе. Далей яго ўжо будзе калектыў ацэньваць па тым, як ён будзе працаваць. А так у яго аўтарытэт добры", - сказаў Прэзідэнт.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз акцэнтаваў увагу на важнасці не страціць добрыя перспектыўныя кадры, журналістаў, і ў тым ліку тых, каго прапаноўвалі на пасаду кіраўніка тэлеканала: "Іх трэба мець на ўвазе, трэба глядзець, дзе яны могуць рухацца. Усё ж такі кар'ерны рост - гэта немалаважнае значэнне".
Прэзідэнт таксама папярэдзіў, што разгортвацца новаму кіраўніку часу няма, ды гэта, улічваючы вопыт Ігара Луцкага, і не трэба. "Добра, што ён згадзіўся. Першае пытанне было - ці згодны Луцкі. Так, гаварылі, згодны. Малайчына, што згадзіўся. Нам гэта вельмі-вельмі патрэбна. Вярнуўся на свой шлях", - дадаў кіраўнік дзяржавы.