
Урад зацвердзіў стратэгію па абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання. Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў ад 18 жніўня 2025 года нумар 444, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
У стратэгіі ўлічваюцца агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права, міжнародныя дагаворы Беларусі і прававыя акты, якія змяшчаюць абавязацельствы краіны. Стратэгія з'яўляецца комплексным дакументам, які замацоўвае асноўныя напрамкі дзейнасці па эфектыўным і бяспечным абыходжанні з адходамі вытворчасці і спажывання.
Мэта стратэгіі - фарміраванне комплекснай сістэмы абыходжання з адходамі, накіраванай на забеспячэнне да 2040 года ўзроўню выкарыстання адходаў не менш як 90 працэнтаў з улікам захавання прынцыпу вугляроднай нейтральнасці. Такога ўзроўню плануецца дасягнуць за кошт максімальнага скарачэння антрапагенных выкідаў і рэалізацыі экалагічных праектаў, накіраваных на паглынанне парніковых газаў (лесааднаўленне, рэабілітацыя парушаных тарфянікаў), пры энергетычным выкарыстанні (спальванні) адходаў.
Дасягненне мэты і выкананне задач стратэгіі будуць праходзіць у тры этапы. Першы этап - да 2030 года, другі - 2031-2035 гады, трэці - 2036-2040 гады. Для дасягнення мэт стратэгіі прадугледжана рэалізацыя дзяржаўных, інвестыцыйных праграм, у тым ліку рэгіянальных, галіновых, а таксама падрыхтоўка планаў, схем, актаў заканадаўства і іншых дакументаў, якія закранаюць пытанні абыходжання з адходамі.
Плануецца прыняць шэраг мер, у тым ліку вызначыць адзіны дзяржаўны орган для рэгулявання і кантролю ў сферы абыходжання з адходамі, выпрацаваць адзіныя падыходы да абыходжання з адходамі спажывання і адходамі вытворчасці, падобнымі да адходаў жыццядзейнасці насельніцтва. У планах таксама абмежаванне празмернага выкарыстання ўпакоўкі пры вытворчасці тавараў (напрыклад, аб'ём упакоўкі не большы за 50 працэнтаў ад аб'ёму тавару), стымуляванне выкарыстання экалагічна бяспечнай (перапрацоўваемай) упакоўкі, устанаўленне пераліку відаў прадукцыі, пры вытворчасці якой неабходна выкарыстоўваць другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Акрамя таго, прадугледжваецца ўстанавіць пералік відаў прадукцыі (тавараў), вытворчасць якіх не дапускаецца ў сувязі з тым, што адходы ад іх выкарыстання не падлягаюць далейшай перапрацоўцы альбо іх перапрацоўка цяжкая.
У Беларусі плануюць удасканальваць заканадаўчую базу і сістэму збору і ўліку адходаў, укараняць безадходныя і малаадходныя тэхналогіі. У планах развіваць раздзельны збор смецця і сістэму нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў і тэкстыльных адходаў праз сетку прыёмных пунктаў, паэтапна закрываць смеццеправоды ў шматкватэрных жылых дамах, мадэрнізаваць кантэйнеры і смеццявозы, будаваць новыя аб'екты па сартаванні і выкарыстанні цвёрдых камунальных адходаў, а таксама палігоны для іх пахавання.
Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і арганізацыям, падпарадкаваным ураду Беларусі, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, юрыдычным асобам трэба ўлічваць палажэнні стратэгіі пры распрацоўцы дзяржаўных, інвестыцыйных праграм, у тым ліку рэгіянальных, галіновых, планаў, схем, прававых актаў і іншых дакументаў, якія закранаюць пытанні абыходжання з адходамі, у мэтах забеспячэння выкарыстання адходаў на ўзроўні не менш як 90 працэнтаў да 2040 года.
Таксама рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і арганізацыям, падпарадкаваным ураду Беларусі, абласным і Мінгарвыканкаму ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй штогод да 1 красавіка года, наступнага за справаздачным, трэба прадстаўляць у Мінпрыроды інфармацыю аб ходзе рэалізацыі стратэгіі.
Акрамя таго, Мінпрыроды сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі штогод да 1 чэрвеня года, наступнага за справаздачным, трэба прадстаўляць абагульненую інфармацыю аб ходзе рэалізацыі стратэгіі ва ўрад.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.-0-