Камянецкі раённы выканаўчы камітэт

Камянецкі раённы выканаўчы камітэт
burger

Жабінкаўскі цукровы завод плануе атрымаць каля 150 тыс.т цукру з буракоў новага ўраджаю

09/09/2025 14:46

9 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Жабінкаўскі цукровы завод плануе атрымаць каля 150 тыс. т цукру з цукровых буракоў новага ўраджаю. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пазнанскі.

Умовы надвор'я ў бягучым годзе станоўча паўплывалі на ўраджай цукровых буракоў. На заводзе ў Жабінцы плануюць прыняць каля 1,2 млн т салодкіх караняплодаў. Стартаваў сезон перапрацоўкі 5 верасня і, як чакаецца, прадоўжыцца да сярэдзіны студзеня.

"Гэты год незвычайны. Вясна была халодная. Мы хваляваліся, наколькі добра будзе развівацца караняплод. Як аказалася, нашы перажыванні былі дарэмныя. Цёплыя дні чаргаваліся з дажджлівымі - гэта якраз спрыяльныя ўмовы для вырошчвання буракоў. На сённяшні дзень цукрыстасць складае 16,2 працэнта. Дарэчы, на аналагічную дату мінулага года было 15,75 працэнта. Таксама бачым прырост па масе караняплода - плюс 50 г да аналагічнай даты мінулага года", - расказаў Аляксандр Пазнанскі.

Для перапрацоўкі цукровых буракоў у Жабінку пастаўляюць з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці і двух раёнаў Гродзенскай вобласці. Прыкладна 70 працэнтаў сыравіны паступае па чыгунцы. Уборкай караняплодаў займаюцца 52 камбайны, у тым ліку чатыры належаць гаспадарцы цукровага завода - "Сталічнаму праспекту". З буракоў новага ўраджаю ўжо атрымана больш за 700 т белага цукру. Усяго ж чакаецца атрымаць каля 150 тыс.т.

Жабінкаўскі цукровы завод выйшаў на сваю прадукцыйнасць. За суткі тут могуць перапрацоўваць 10 тыс. т буракоў. Першапачаткова караняплоды адпраўляюць у аддзяленне мыцця, адкуль транспартуюць на рэзку, атрымліваючы дробную стружку. Затым ідзе складаны тэхналагічны працэс атрымання цукру.

"Завод у нас вельмі сучасны, развіваемся з кожным годам. Аўтаматызацыя ў нас вельмі сур'ёзная. Скажам, з аднаго камп'ютара можна кіраваць усім заводам. Удзел чалавека мінімальны. Але без людзей - нікуды. Вядома, самыя важныя ўчасткі кантралюе чалавек", - растлумачыў намеснік генеральнага дырэктара - галоўны інжынер Уладзіслаў Кузьміч. Каля сутак патрэбна, каб атрымаць з сыравіны канчатковы прадукт. Дарэчы, у Жабінцы акрамя класічнага белага цукру рыхтуюцца прэзентаваць навінкі - цукар з перцам і з карыцай. У першую чаргу, магчыма, яны будуць даспадобы каваманам і кандытарам.

Варта сказаць, што ўласная гаспадарка дазваляе Жабінкаўскаму цукроваму заводу эксперыментаваць і праводзіць больш глыбокі аналіз вырошчвання буракоў. "Сталічны праспект" у чатырох раёнах арандуе больш за 2 тыс. га зямель. Усе яны аблічбаваны, што дазваляе аператыўна ацэньваць абстаноўку на палях. "Свае плошчы, несумненна, важны, таму што на справе бачыш, які вынік дае тая ці іншая насенная селекцыя, якія і як працуюць угнаенні, у якія тэрміны іх трэба аптымальна ўносіць, а таксама пытанні сяўбы, праполвання. "Сталічны праспект" працуе з рэнтабельнасцю 14 працэнтаў. Гэта сведчыць аб тым, што буракі вырошчваць эканамічна выгадна, мэтазгодна", - заўважыў гендырэктар цукровага завода.

Уборку цукровых буракоў у Брэсцкай вобласці маюць намер завяршыць да 7 лістапада.-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі