Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным

"Бяроза-Картузская" стане ўсебеларускім месцам памяці ахвяр польскай акупацыі

16/09/2025 11:09
16 верасня, Бяроза /Кар. БЕЛТА/. Мемарыяльную зону былога канцлагера "Бяроза-Картузская" прапануюць аб'явіць усебеларускім месцам памяці ахвяр польскай акупацыі. З такой ініцыятывай 15 верасня выступілі патрыятычныя сілы Беларусі (грамадскія арганізацыі, аб'яднанні, палітычныя партыі) у час мітынгу ў Бярозе, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Штаб патрыятычных сіл арганізаваў аўтапрабег і мітынг у знакавым для беларускага народа месцы. "Бяроза стала тым месцам, дзе мы ўспамінаем пра трагедыю, пра драму, якая адбывалася ў Заходняй Беларусі пры польскай акупацыі. Адбываўся этнацыд. Лічым, што гэта павінны ведаць усе беларусы і гэты тэрмін павінен быць гэтак жа шырока выкарыстаны, як мы гаворым цяпер пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - сказаў старшыня праўлення РДГА "Беларускае таварыства "Веды" Вадзім Гігін. - Гэта павінна быць усебеларускае месца памяці аб тых ахвярах, якія беларускі народ прынёс дзеля адзінства, аб ахвярах таго этнацыду, які польскія акупанты чынілі на нашай зямлі". 

Польскія акупанты імкнуліся знішчыць беларусаў як нацыю, усяляк прыгняталі. "У нас ёсць дастаткова дакументаў, сведчанняў, каб пра гэта гаварыць. Тут, у Бярозе, калі быў створаны канцэнтрацыйны лагер, гэта стала квінтэсенцыяй, такім эпіцэнтрам той нянавісці, якую польскія ўлады зведвалі да беларускага народа. Яны ставілі сваёй мэтай, каб беларусаў як самастойнага народа не было на гэтай зямлі. Беларусаў кідалі ў турмы і канцлагеры, беларусам адмаўлялі ў назве, у роднай мове, у культуры, праследавалі, не дапускалі на дзяржаўныя пасады, у армію, у паліцыю. Фактычна аб'явілі людзьмі другога сорту", - падкрэсліў Вадзім Гігін. Ён дадаў, што такія адносіны былі таксама да яўрэяў, да ўкраінцаў - да тых народаў, якія пражывалі на гэтай зямлі пад польскай уладай. 

Канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай быў створаны 17 чэрвеня 1934 года. Туды без суда і следства заключалі людзей, якія выказвалі сваю нязгоду з польскай уладай. Праз яго катаванні і знявагі, катаржную працу прайшлі да 10 тыс. чалавек. Пераважна зняволенымі былі людзі з Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і цэнтральнай часткі Польшчы. Лагер спыніў сваё існаванне 17 верасня 1939 гады. На яго месцы ўстаноўлены абеліск, па абодва бакі ад якога знаходзяцца дзве гранітныя пліты, выява на якіх нагадвае аб сценах і калючым дроце канцлагера. Да мемарыяла вядзе дарожка, выкладзеная шасціграннай пліткай - трылінкай. Такую выраблялі вязні канцэнтрацыйнага лагера "Бяроза-Картузская". 

За некалькі метраў ад памятнага знака ў будынку так званых чырвоных казармаў у 2022 годзе стварылі музейную экспазіцыю. Менавіта там знаходзіўся канцлагер.-0-