7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з афіцыйным візітам ва Узбекістан, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе беларускага лідара.
У Ташкенце кіраўнік беларускай дзяржавы правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Сустрэча двух лідараў пройдзе ў фармаце "сам-насам" і ў пашыраным складзе з удзелам дэлегацый. У цэнтры ўвагі прэзідэнтаў будуць пытанні паглыблення міждзяржаўных адносін, інтэнсіфікацыі гандлёва-эканамічнага і культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння.
Асаблівую ўвагу бакі нададуць развіццю кааперацыйных сувязей у розных галінах прамысловасці, супрацоўніцтву ў сельскай гаспадарцы, навуцы, адукацыі і турызме.
Аляксандр Лукашэнка і Шаўкат Мірзіёеў таксама абмяркуюць рэгіянальны і сусветны парадак дня, узаемадзеянне дзвюх краін у інтэграцыйных структурах і на міжнароднай арэне.
Па выніках перагавораў будзе заключаны шэраг двухбаковых дакументаў. У тым ліку чакаецца падпісанне плана мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам на 2024-2025 гады.-0-