3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нягледзячы на знешнія выклікі, Беларусь даволі ўпэўнена працуе на міжнародных рынках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях экспарту беларускіх тавараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тэму сённяшняй размовы кіраўнік дзяржавы абазначыў у шырокім сэнсе як продаж айчынных тавараў на ўнутраным і знешнім рынках, а таксама звязаныя з гэтым праблемы (калі яны ёсць), плацяжы, бюджэт. "У вузкім сэнсе паглядзім гэта на прыкладзе, па-першае, продажаў калійных угнаенняў, і адпаведныя пытанні (лагістыка, парты, аб чым мы не раз гаварылі). І па-другое - нафтапрадукты. Тое ж самае: лагістыка, пастаўкі, плацяжы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як нагадаў Прэзідэнт, амаль два месяцы таму на ўзроўні кіраўніка дзяржавы праходзіла сустрэча практычна ў такім жа складзе. І тады яе ўдзельнікі абмеркавалі пытанні стварэння Беларуссю ўласных партовых магутнасцей для перавалкі айчынных грузаў, перш за ўсё, калійных угнаенняў, і планы экспарту да канца года. Сённяшняя нарада, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, мае кантрольны характар.
"Неабходныя рашэнні былі прыняты, адпаведныя даручэнні дадзены. Зразумела, што нягледзячы на ўсякія знешнія выклікі, мы працуем на міжнародных рынках, даволі ўпэўнена працуем, аб чым мне дакладваў на мінулым тыдні кіраўнік "Беларуськалія" Іван Іванавіч Галаваты, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але расслабляцца нельга. Вельмі шмат перашкод, бар'ераў, якія нам даводзіцца пераадольваць".
Адным з такіх вузкіх месцаў, што ствараюць складанасці пры арганізацыі экспарту, Прэзідэнт назваў пастаўкі чыгуначным транспартам.
"Зразумела, мы сышлі з прыбалтыйскіх партоў, працуем у раёне Піцера, глядзім на больш паўночныя парты Мурманска (а гэта мільёны, мільёны тон грузаў, якія мы павінны пастаўляць). Працуем і на поўдні Расійскай Федэрацыі праз іх парты. Ніхто нам не перашкаджае ў партах. Але яшчэ раз падкрэсліваю: вузкае месца - чыгуначныя пастаўкі, асабліва - напрамак Санкт-Пецярбург", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка згадаў аб нядаўняй размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, у час якой абмяркоўвалася магчымасць рэалізацыі новых двух буйных праектаў, адзін з якіх датычыцца чыгуначнай веткі з Беларусі ў Санкт-Пецярбург.
"Мы абмяркоўвалі праблему "вузкага месца" - чыгуначнага транспарту, - расказаў беларускі лідар. - Я папрасіў віцэ-прэм'ера Сівака і прэм'ер-міністра (віцэ-прэм'ера Анатоля Сівака і прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку. - Заўвага БЕЛТА), каб да маёй сустрэчы, якая адбудзецца ў бліжэйшы час, з Прэзідэнтам Расіі былі падрыхтаваны, скажам так, прэзентацыйныя матэрыялы па ўсіх вузкіх месцах у напрамку Санкт-Пецярбурга - чыгункі".
Як растлумачыў кіраўнік дзяржавы, ёсць варыянт рэалізацыі праекта ў буйным маштабе, пракладваючы другую ветку на некалькі соцень кіламетраў. Але ёсць і яшчэ адзін варыянт. "А можна вярнуцца да таго, што было ў савецкі перыяд - аднавіць раз'езды. Аднавіўшы раз'езды, мы значна павялічым на бліжэйшыя гады пастаўкі нашай прадукцыі", - растлумачыў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, Уладзімір Пуцін гэту ідэю падтрымаў. "Кажа: "Я не ўнікаў моцна ў гэта пытанне, давай яго абмяркуем пры сустрэчы". Мы гэту сустрэчу намячаем (у сярэдзіне кастрычніка ў Бішкеку, дзе запланавана правядзенне саміту СНД. - Заўвага БЕЛТА), абмяркуем пытанні чыгуначных паставак", - расказаў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што на парадку дня сустрэчы будзе таксама тэматыка выкарыстання партовых магутнасцей.
Прадаўжаючы размову аб экспартных пастаўках айчыннай прадукцыі, Прэзідэнт адрасаваў удзельнікам мерапрыемства шэраг ключавых пытанняў: якая сітуацыя складваецца перш за ўсё на калійным рынку, а таксама па пастаўках нафтапрадуктаў. Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы запатрабаваў звярнуць на дэбіторскую запазычанасць па пастаўках мінеральных угнаенняў.
У час нарады Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў і харчовую тэматыку, якая апошнім часам пастаянна знаходзіцца ў полі зроку кіраўніка дзяржавы. На ўзроўні Прэзідэнта былі прыняты рашэнні і дадзены адпаведныя даручэнні па шэрагу напрамкаў. "Усе прыняты рашэнні - ідзі і працуй. Трэба арганізаваць ва ўрадзе гэту работу", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.-0-