13 ліпеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Урачыстае адкрыццё XXXII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе 13 ліпеня, а галоўнай падзеі форуму будзе папярэднічаць чарада знакавых мерапрыемстваў,
паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Міжнародны прэс-цэнтр адкрыецца сёння ў канцэртнай зале "Віцебск". Тут прайшло ўжо некалькі прэс-канферэнцый удзельнікаў фестывалю, а наперадзе яшчэ шмат цікавых падзей і сустрэч. Дарэчы, у прэс-цэнтры некалькі дзён таму адбылася і жараб'ёўка юных вакалістаў XXI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурску "Віцебск", і сёння, у другі конкурсны дзень, яны выступяць у 14.00. Юнакі і дзяўчаты пастараюцца палепшыць свае балы першага дня і змяніць сітуацыю сабе на карысць, паколькі пераможца атрымае Гран-пры.
На Алеі зорак "Славянскага базару" адкрыецца новая імянная зорка - гэта сімвал прызнання заслуг дзеячаў культуры і мастацтва ў развіцці фестывальнага руху. Такая зорка з'яўляецца тут кожны год і ствараецца ў гонар уладальніка спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і ўзаемаразумення". У гэтым годзе яе будзе ўдастоена Алена Спірыдовіч.
На розных пляцоўках фестывальнай сталіцы жыхары і госці Віцебска змогуць убачыць выступленні самадзейных артыстаў. Яны прымуць удзел у IX Фэсце вулічнага мастацтва "На сямі вятрах", які будзе праходзіць да афіцыйнага закрыцця "Славянскага базару" 16 ліпеня.
Тэатральныя сустрэчы і спектаклі для самых маленькіх чакаюць сваіх гледачоў у Нацыянальным акадэмічным драмтэатры Якуба Коласа і Беларускім тэатры "Лялька". У абласной філармоніі ў 18.00 аматары класічнай музыкі змогуць пабываць на канцэрце Grand Melody Orchestra. Музеі Віцебска прапануюць цікавыя паекты, а ў ратушы ў 15.30 адкрыецца выстава пра аблічча Пакістана.
Кульмінацыяй свята мастацтваў стане ўрачыстае адкрыццё фестывалю ў Летнім амфітэатры, якое пачнецца ў 20.30. Зоркі эстрады з Беларусі, Расіі і дружалюбных краін прадставяць яркае і незабыўнае шоу.-0-