Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным

Законапраект па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей рыхтуецца да другога чытання

14/03/2025 14:03
 
14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рабочая нарада па абмеркаванні асобных палажэнняў праекта закона Рэспублікі Беларусь "Аб змяненні законаў па пытаннях забеспячэння правоў дзяцей" пад старшынствам спікера Ігара Сергяенкі праходзіць у Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Законапраект рыхтуецца да другога чытання. "Законапраект у першым чытанні прыняты 7 лютага 2025 года. За яго фактычна аднагалосна прагаласавалі ўсе прысутныя ў зале дэпутаты", - адзначыў Ігар Сергяенка.

Спікер спыніўся на канцэптуальна новых момантах. "Першае - пазбаўленне права займацца педагагічнай дзейнасцю асоб, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці і злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў. Другое - устанаўленне абавязку бацькоў забяспечваць абарону дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю, у тым ліку праз кантроль за выкарыстаннем дзецьмі рэсурсаў інтэрнэту і прымяненне праграмна-апаратных і праграмных сродкаў, якія даюць магчымасць не дапусціць распаўсюджвання сярод дзяцей такой інфармацыі. Трэцяе - аднясенне да інфармацыйнай прадукцыі цацак, якія з'яўляюцца ўзнаўленнем герояў камп'ютарных гульняў і фільмаў, для прысваення ім знака ўзроставай катэгорыі. Чацвёртае - замацаванне прававых гарантый забеспячэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, медыцынскімі вырабамі (вырабамі медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікай), у тым ліку акулярамі", - расказаў ён.

Сёння на рабочай нарадзе плануецца абмеркаваць палажэнні праекта, якія выклікалі жывы інтарэс сярод педагагічнай грамадскасці і дэпутацкага корпуса.

"Размова пойдзе аб псіхалагічнай гутарцы, паспяховае праходжанне якой (згодна з аўтарскай рэдакцыяй праекта) з'яўляецца падставай для допуску да педагагічнай дзейнасці. Пры прадстаўленні праекта ў Авальнай зале Андрэй Іванавіч (Іванец - міністр адукацыі. - Заўвага БЕЛТА) асабліва адзначыў, што законапраект накіраваны на дадатковую абарону дзяцей ад магчымых злачынных замахаў, - падкрэсліў Ігар Сергяенка. - У першую чаргу, праз замацаванне абавязку праходжання асобамі, якія прэтэндуюць на педагагічную дзейнасцю, псіхалагічнай гутаркі ў парадку, што будзе вызначаны ўрадам".

Безумоўна, праект прымаўся з разуменнем таго, што да другога чытання ён будзе дапрацаваны, удакладніў спікер. "Перш за ўсё ў частцы замацавання дакладнага, зразумелага ўсім парадку правядзення псіхалагічнай гутаркі. Прадугледжвалася вызначыць кола асоб, якія падлягаюць праходжанню гутаркі, перыядычнасць праходжання такой гутаркі, а таксама ўстанавіць магчымасць абскарджання яе вынікаў. На неабходнасць дапрацоўкі адназначна ўказвалася ў заключэннях галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нашага галоўнага ўпраўлення. Разам з тым у працэсе работы над законапраектам, у тым ліку ў ходзе пасяджэння рабочай групы, дэпутаты не змаглі атрымаць адказы на пастаўленыя пытанні. Пры гэтым мы бачым, што нашы калегі з улікам меркаванняў педагогаў на месцах занепакоены тым, што ўвядзенне псіхалагічнай гутаркі не прынясе чаканага выніку - не дасць магчымасць выявіць на ранняй стадыі патэнцыяльных асоб, схільных да ўчынення злачынных дзеянняў, а з другога боку, можа выклікаць пэўную напружанасць сярод работнікаў адукацыі", - адзначыў ён.

"Таму нам сёння трэба вызначыць падыходы і ці будзе эфект ад прапануемага новаўвядзення. Сумеснымі намаганнямі мы павінны выпрацаваць такі прававы парадак, які дасць магчымасць стварыць сапраўды дадатковыя бар'еры па абароне непаўналетніх ад проціпраўных замахаў і пры гэтым захаваць здаровую абстаноўку ў педагагічных калектывах", - дадаў Ігар Сергяенка.-0-a