Каменецкий районный исполнительный комитет

Каменецкий районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

АЛЕНА ШАБЛІНСКАЯ: “ГАЛОЎНАЕ — ХУТКА РЭАГАВАЦЬ НА ПРАБЛЕМЫ І РЭАЛЬНА ДАПАМАГАЦЬ!”

16/03/2023 08:38

З 2018 года Алена Шаблінская паспяхова сумяшчае адразу некалькі відаў дзейнасці. Яна не толькі дырэктар Камянецкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, але і дэпутат двух узроўняў (раённага ды абласнога). І ў гэтым яднанні ёсць глыбінны сэнс, бо агульнымі намаганнямі можна дасягнуць большага ў нялёгкай, але такой неабходнай справе падтрымкі тых, хто побач…

Як дэпутат Камянецкага ра­ённага Савета дэпутатаў па Камянецкай – Цэнтральнай акрузе №1 Алена Іванаўна рэгулярна праводзіць прамыя тэлефонныя лініі і прыёмы, прымае ўдзел у пасяджэннях раённага Савета дэпутатаў і сустрэчах у працоўных калектывах. Падчас такіх зносін з грамадзянамі і паступаюць звароты адносна праб­лемных пытанняў, вырашаць якія дэпутат стараецца на месцы, не выносячы на абласны ўзровень (хаця такая магчымасць безу­моў­на ёсць). І большасць пытанняў вырашаецца станоўча…

Галоўнае – рэальна дапамагаць!

Напрыклад, неаднаразова звяр­таліся да Алены Шаблінскай жыхары вуліцы Чкалава ў Каменцы, просячы аб грэйдзіраванні адрэзка дарогі ад ранейшай ПМК-14 да выезду з горада. Неабходныя работы ўжо выкананы. Не без удзелу дэпутата вырашылася і пытанне арганізацыі пастаяннай падачы гарачай вады камянчанам, што жывуць па вуліцы Брэсцкай…

– Калі браць звароты грама­дзян менавіта па райцэнтры, то яны звычайна звязаны з маёй работай у цэнтры сацабслугоў­ван­ня, – робіць акцэнт Алена Іва­наў­на. – У якасці ілюстрацыі прывяду частыя званкі ад жыхароў ву­ліцы Пралетарскай, якія звяртаюцца за рэчавай гуманітарнай дапамогай, прадуктовымі набо­рамі, цікавяцца паслугамі ся­дзел­кі для інваліда.

Акрамя таго, як дэпутат райсавета Алена Шаблінская ўзна­чальвае пастаянную камісію па пытаннях сацыяльнай сферы і правапарадку. Яе пасяджэнні (выязныя і на месцы) закранаюць вык­лючна актуальныя для грамадст­ва пытанні: якасці аказання медыцынскай дапамогі, эстэтычнай і музычнай адукацыі дзяцей, пра­духілення пажараў і гібелі грама­дзян ад знешніх прычын, забеспячэння бяспекі пажылых людзей, устаноўкі прыпыначных пунк­таў, прафілактыкі сямейнай не­дабранадзейнасці і сіроцтва, уве­кавечвання памяці абаронцаў Айчыны… Бліжэйшае пасяджэнне камісіі адбудзецца ў хуткім часе, і ў ходзе яго пытанне інава­цый­ных форм работы па сацабслугоў­ванні грамадзян будзе разглядацца на прыкладзе дома сумеснага самастойнага пражывання у Дзмітровічах.

Важна зазначыць і тое, што ка­місія, якой кіруе Алена Іванаў­на, каардынуе работу маладзёжнага парламента, створанага ў раёне.

Яшчэ і дэпутат абласнога Савета дэпутатаў

Як дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Камянецкай выбарчай акрузе №36 Алена Іванаўна гатова прыйсці на дапамогу не толькі ўсім камянчанам, але і жыхарам 9 сель­саветаў: Белавежскага, Войскага, Пелішчанскага, Навіцкавіцкага, Вярховіцкага, Відамлянскага, Дзмітровіцкага, Камянюцкага і Рэчыцкага. Прычым паспяхова робіць гэта на раённым узроўні вось ужо пяты год запар.

Да прыкладу, пасля звароту жыхароў Турны Вялікай, што ты­чыўся звальнення доктара мясцовага ФАПа, Алена Шаблінская звязалася з Камянецкай ЦРБ, дзе патлумачылі прычыну такой сітуацыі.

 

Станоўча вырашылася праб­лема, якую падняў жыхар Набярэжнай у Каменцы (гэта вуліца не адносіцца да акругі Алены Іва­наўны як дэпутата райсавета, але як дэпутат абласнога ўзроўню яна можа разабрацца з гэтым пытаннем). Грамадзянін прасіў адрамантаваць участак дарогі каля магазіна “Пінскдрэў” і ліх­тары ля сквера. Усе неабходныя работы былі праведзены.

Як дэпутат Алена Шаблінская вядзе прыём у ТЦСАН у першую і трэцюю сераду месяца, а таксама выязджае ў раён. Так, 16 лютага была ў Відамлянскім сельсавеце. Тады на прыём прыйшлі трое грамадзян, і іх пытанні ты­чыліся дзяржаўнай адраснай да­памогі, чысткі дымахода і запа­зычанасці аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. Усе звароты вырашыліся прама ў ходзе прыёма. Так, бабулі, якая прасіла дапамогі з печчу, старшыня сельвыканкама Марына Каралюк знай­шла спецыяліста для выканання гэтай работы, а Алена Іванаўна паабяцала матэрыяльную дапамогу ад ТЦСАН, каб кампенсаваць яе кошт.

– Запомніўся мне яшчэ адзін зварот аб бабулі з Вярховіцкага сельсавета, – успамінае дэпутат. – У той час якраз пачыналася ўстаноўка пластыкавых кантэй­нераў для смецця. Бабуля прасі­ла за свайго мужа – інваліда 1 групы, які не выходзіць з дома і ўвесь час праводзіць ля акна, перад якім і планавалася ўстанавіць кантэйнер. І раённае прадпрыемства ЖКГ, куды я звярнулася, пайшло насустрач заяўніцы – не хочацца ж, каб чалавек штодзень глядзеў толькі на смецце… Бабуля дзякавала за дапамогу ад усёй душы, і гэта было вельмі прыемна…

Быў і калектыўны зварот жы­хароў раёна, звязаны з пераносам дня прыёму ўрача амбула­торыі ў Войскай, каб людзям зручней было дабірацца на яго з Бучамлі 3. Пасля званка дэпутата просьба была задаволена ад­міністрацыяй Камянецкай ЦРБ…

Алена Іванаўна пастаянна ўдзельнічае ў сельскіх сходах на тэрыторыі раёна, пасяджэннях абласнога Савета дэпутатаў, вя­дзе прыёмы і прамыя лініі, а таксама з’яўляецца намеснікам стар­шыні камісіі па пытаннях сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнай абароны насельніцтва аб­ласнога Савета дэпутатаў.

Яшчэ адна форма работы дэпутата – тэматычныя дыялогавыя пляцоўкі…

Сувязь з Беларускім саюзам жанчын

Вельмі дапамагае ў дэпутацкай дзейнасці і сувязь з Бе­ла­рус­кім саюзам жанчын. З удзелам гэтага грамадскага аб’­яднання (і раённай, і абласной ар­ганіза­цый) быў адрамантаваны і адкрыты дом сумеснага самас­тойнага пражывання ў Дзмітро­вічах – далу­чыўся да гэтай важнай справы і райсавет дэпутатаў.

БСЖ, дэпутацкія корпусы раёна і вобласці цесна супрацоў­ні­чаюць на пастаяннай аснове: яны ўдзельнічалі ў леташнім зборы дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад ваенных дзеянняў, а цяпер ра­зам з Чырвоным Крыжам пад­трым­ліваюць ахвяр землетрасення ў Турцыі. Нельга не прыгадаць і сумесныя акцыі “Нашы дзеці” і “Збяром партфель разам”.

А што гэты год?

Калі цікаўлюся планамі на 2023-ы, Год міру і стварэння, Алена Іванаўна расказвае:

– Мы задумалі праект “Жаночае аблічча Камянеччыны” – ад БСЖ і дэпутатаў. З сакавіка да верасня будзем збіраць даныя пра жынчын, што ўнеслі ўклад у развіццё і гісторыю раёна, а вы­ніковую выставу прадставім да Дня маці. Нагадаю словы кіраў­ніка нашай дзяржавы, сказаныя ім у навагоднім віншаванні: даб­рабыт і росквіт Беларусі залежаць ад кожнага з нас, ад нашага ўмення працаваць, удасканальваць свае прафесійныя веды. Стваральны характар працы патрабуе нямала намаганняў, волі, работы над сабой. Сёння кожны павінен разумець і ўсведамляць, што штодзённая яго праца – гэта пасільны асабісты ўклад у развіццё нашай краіны і ўсталя­ванне міру на Зямлі.

– Што праца дэпутата для вас асабіста?

– Гэта пастаяннае набыццё новых навыкаў вядзення дыялогу з выбаршчыкамі, калегамі, прад­стаўнікамі органаў улады і гра­мадскіх арганізацый. Я ўдзячна людзям за давер, які яны аказалі мне як дэпутату, і буду і надалей старацца шукаць падыход да кожнага. Цеснае ўзаемадзеянне з вы­баршчыкамі дапамагае мне хутка рэагаваць на праблемы і рэальна дапамагаць – гэта галоўнае!

Настасся НАРЭЙКА.

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки