Яе ўдзельнікі планавалі абмяркоўваць рэалізацыю Года якасці ў раёне, таму перш-наперш выправіліся на адно з лепшых прамысловых прадпрыемстваў Камянеччыны, якім мы па праву можам ганарыцца.
ТАА “Рыёна СіЭмЖы” расчыніла свае дзверы перад гасцямі, дазволіўшы ім акунуцца ў разнастайныя вытворчыя працэсы, у прыватнасці, паназіраць за тым, як вырабляюцца плёнкі, а таксама пластыкавая тара для звыклых нам малочных далікатэсаў “Савушкінага прадукта” і “Namazki” Брэсцкага мясакамбіната.
Сёння на прадпрыемстве працуюць 180 чалавек (большасць – з нашага раёна), і іх зарплата дастойная (больш за 2000 рублёў), ёсць даплаты за шкодныя ўмовы працы. Доля “Рыёны” ў прамысловасці Камянеччыны складае 5%, яна – самы актыўны наш інвестар, што выпускае імпартазамяшчальную прадукцыю.
Наступным аб’ектам, які наведалі ўдзельнікі сесіі, стаў водазабор “Беразнякі”, дзе якасна здабываюць, ачышчаюць і падаюць ваду насельніцтву. Тут акрэдытаваная і паспяхова дзейнічае лабараторыя, у якой працуюць 4 работнікі. Прычым, аналіз вады тут робяць не толькі для сябе…
Пленарнае пасяджэнне сесіі адбылося ў актавай зале КУШВП ЖКГ “Камянецкая ЖКГ”. Падчас яго былі ўсебакова разгледжаны два актуальныя пытанні: работа галін народнай гаспадаркі па развіцці эканамічнага і вытворчага патэнцыялу ў межах правядзення ў 2024-м Года якасці (дакладчыкам выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Надзея Карпук) і рэалізацыя Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года №3-р “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва” (начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Надзея Саўчук).
Акрамя таго, было прынята рашэнне аб змене межаў вёскі Ратайчыцы і аб працягу арэнды сажалкі Шышова для індывідуальнага прадпрымальніка, які добра праявіў сябе падчас папярэдняга тэрміну.