Каменецкий районный исполнительный комитет

Каменецкий районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

100 БАЛАЎ НА ЦЭ – МАРА ЦІ РЭАЛЬНАСЦЬ ВЫПУСКНІКОЎ КАМЯНЕЧЧЫНЫ?

21/06/2024 17:38

 


Для Мікіты Ліцука з Відамлянскай СШ, Дар’і Пугач з СШ №2 Каменца і Ксеніі Аўрамчук з Высокаўскай СШ дакладна рэальнасць! Сёлета Мікіта набраў максімум на цэнтралізаваным экзамене па грамадазнаўстве, Даша – па англійскай мове, а Ксюша – па грамадазнаўстве і рускай мове. Давайце знаёміцца з нашымі 100-бальнікамі бліжэй…

Ксенія АЎРАМЧУК двойчы паказала на цэнтралізаваным экзамене выдатны вынік і, дадаўшы да яго высокі бал атэстата (9,6), плануе паступаць у ВНУ, каб атрымаць адукацыю юрыдычнай накіраванасці. “Хацелася б у будучыні працаваць у судзе, – дзеліцца яна планамі, – мяне заўсёды цікавіла гэта тэма”. Пажадаем дзяўчыне поспехаў, а пакуль вернемся ў недалёкае мінулае…

Рыхтавацца да экзаменаў Ксюша пачала за паўгода да іх. Прадметам “Грамадазнаўства” цікавілася заўсёды, удзельнічала ў раённых алімпіядах, заваяваўшы 2 і 3 месцы, а таксама ў электроннай алімпіядзе (3 месца), займалася з рэпетытарам. Асобны дзякуй за падтрымку і дапамогу ў падрыхтоўцы да ЦЭ мая суразмоўніца перадае свайму настаўніку грамадазнаўства Генадзію Уладзіміравічу Іконнікаву.
Калі ж гаварыць пра рускую мову, то любоў да яе Ксеніі Аўрамчук прывілі настаўніца Таццяна Іванаўна Дзюкава і мама Лілія Паўлаўна, якая, дарэчы, таксама выкладае гэты прадмет.
ЦЭ па грамадазнаўстве стаў асабліва хвалюючым для маёй суразмоўніцы, бо – першы. Яна ўзгадвае, як некалькі разоў пераправярала адказы, можна было зрабіць хутка і пайсці, але Ксенія вырашыла скарыстаць увесь адведзены на экзамен час. І, як бачым, гэта было правільна! На ЦЭ па рускай мове пачувалася значна ўпэўненней.
Пра свае 100-бальныя вынікі даведалася з дапамогай сайта Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і першай, вядома ж, расказала пра тое маме. “Потым даведаліся сябры і вельмі радаваліся за мяне”, – расказвае Ксюша.
А для атрымання 100 запаветных балаў, упэўнена яна, патрэбны веды, уважлівасць і зусім крышачку шанцавання…

А залаты медаліст школы ў Відамлі Мікіта ЛІЦУК прыгадвае, што да цэнтралізаванага экзамена па грамадазнаўстве рыхтаваўся каля года. Веды, атрыманыя ў школе, вырашыў падмацаваць з дапамогай рэпетытара – і вынік не прымусіў сябе чакаць. (Дарэчы, аднойчы Мікіта заняў 1 месца ў раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па любімым прадмеце.)
ЦЭ праходзіў у СШ №2 Каменца і складаўся з 18 заданняў часткі А і 22 заданняў часткі В. Калі цікаўлюся самым складаным з іх, мой суразмоўца адзначае, што такіх не было.
Пра стобальны вынік Мікіта даведаўся ад свайго класнага кіраўніка Ларысы Валянцінаўны Кучур і, вядома ж, вельмі ўзрадаваўся. “Першымі пра мой поспех расказаў сям’і: маме, тату і малодшай сястры”, – успамінае ён хвалюючы момант.
Адказваючы на пытанне “Што патрэбна для дасягнення такога выдатнага выніку на экзамене?”, Мікіта Ліцук пералічыў пяць асноўных момантаў: мэтанакіраванасць, цярпенне, сілу волі, уважлівасць і адказнасць. Нельга не пагадзіцца!
Іншым выпускнікам, якім давядзецца ў свой час здаваць ЦЭ, мой суразмоўца раіць рухацца ў падрыхтоўцы крок за крокам, паставіць перад сабой канкрэтную мэту і прыкласці максімум намаганняў, каб яе дасягнуць.
Пра свае планы адносна паступлення наш стобальнік вырашыў не расказваць. “Каб гэта засталося марай, якая, спадзяюся, ажыццявіцца”, – патлумачыў ён. Верым: так і будзе!

Дар’я ПУГАЧ даўно (з 6 класа) цікавіцца англійскай мовай і прызнаецца, што вучыць яе вельмі цікава. “У наш час гэта мова проста неабходная!” – упэўнена залатая медалістка СШ №2 Каменца. Яна шчыра ўдзячна настаўнікам сваёй школы, асабліва – Таццяне Аляксееўне Немцавай, за прывіццё любові да няпростага прадмета і зазначае, што па прапанове таты карысталася ў падрыхтоўцы яшчэ і дапамогай рэпетытара.
Цэнтралізаваны экзамен па англійскай мове стаў для Дашы першым і таму асабліва хвалюючым. “Ноччу перад ім паўтарала ўсю праграму, – дзеліцца яна ўспамінамі. – Перажывала, што нешта забудуся. А ў сам дзень ЦЭ пайшла на яго ўпэўнена”.
З усімі заданнямі, апрача аднаго, справілася за 40 хвілін, а вось на тое адно, самае складанае (тычылася незлічальных назоўнікаў), затраціла ўсю астатнюю гадзіну, выходзіла з кабінета падумаць…


У тое імгненне, калі атрымала паведамленне аб даступнасці вынікаў ЦЭ, якраз гартала відэа ў тэлефоне. “Зайшла на сайт Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і паспела да таго, як ён “лёг” з-за вялікай колькасці жадаючых паглядзець свае балы, даведацца, што ў мяне 100, – расказвае Дар’я Пугач. – Была вельмі рада! Першай паказала вынік маме, потым патэлефанавала сябрам. Прызнацца шчыра, я была гатовая да таго, што набяру максімум, бо, вярнуўшыся з экзамена, праверыла ў інтэрнэце спрэчныя моманты і зразумела, што не памылілася ў іх”.
Гаворачы пра будучае паступленне, мая суразмоўніца зазначыла толькі тое, што збіраецца ў Мінск. Няхай жа ўсё атрымаецца! Пажадаем нашым стобальнікам і ўсім выпускнікам поспехаў!

Настасся НАРЭЙКА

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки