Каменецкий районный исполнительный комитет

Каменецкий районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

У КАМЯНЕЦКАЙ БІБЛІЯТЭЦЫ ЗАВЯРШЫЎСЯ КОНКУРС “ЧЫТАЕМ РАЗАМ З ЛЕТАМ”

22/09/2023 09:33

Прызнайцеся: ці шмат вы чыталі летам, калі былі дзецьмі? А як, на вашу думку, складваецца сяброўства сучасных дзяцей з папяровай кнігай? Адказ на другое з гэтых пытанняў (станоўчы да ўсеагульнай радасці!) я атрымала падчас гутаркі з супрацоўнікамі Камянецкай дзіцячай бібліятэкі, куды на гэтых канікулах штодзень прыходзіла ажно па 40 (!) юных наведвальнікаў. Вось дык лічба – уражвае!


Штогод у бібліятэцы аб’яўляецца конкурс “Чытаем разам з летам”, які працягваецца ўсе тры месяцы канікул. У межах яго працуе бібліяпляцоўка “Адпачываем з кнігай” пад адкрытым небам. У чэрвені, напрыклад, літаральна штодзень адбываліся цікавыя мерапрыемствы рознай накіраванасці, і ўдзельнікамі іх ахвотна станавіліся наведвальнікі летнікаў, што працуюць пры дзвюх школах і гімназіі райцэнтра. За гэта супрацоўніцтва бібліятэкары шчыра ўдзячны настаўнікам!

Калі пералічваць бібліятэчныя мерапрыемствы, не хопіць цэлай газетнай старонкі. Таму назавём толькі некаторыя… Конкурсна-забаўляльная праграма “Яркія фарбы шчаслівага дзяцінства”; гадзіна бяспекі “Асцярожна: агонь!”; прэзентацыя кнігі казак “Чараўніца восень і сцяжынка-падарожніца” (народныя казкі на беларускай мове); свята “Адпачываем з кнігай”; выстава і мерапрыемства “Бібліяпамяць. Чытаем і ганарымся”, прысвечаныя Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа; лялечная гульнёвая праграма “У пошуках папараці, якая цвіце”; турнір аматараў настольных гульняў; Ільін дзень, пазнавальная гульня “У гасцях у Смяшарыкаў”… Праходзілі гэтыя мерапрыемствы як на вуліцы, так і ў памяшканні бібліятэкі, і не было ніводнага разу, каб пасля іх завяршэння дзеці не зазірнулі б у чытальную залу пагартаць газеты ды часопісы ці на абанемент, дзе вабілі да сябе паліцы з кнігамі. Тая ж самая вельмі прыемная тэндэнцыя прасочвалася таксама і ў ліпені ды жніўні.

– ДЗЕЦІ ЛЮБЯЦЬ ЧЫТАЦЬ! – з упэўненасцю зазначае загадчыца дзіцячай бібліятэкі Раіса Паўлючук.

На працягу ўсяго лета, зазначым, былі прыгожа аформлены вокны першага паверха бібліятэкі – на іх вывешваўся пералік бліжэйшых мерапрыемстваў, каб кожны мог прачытаць. І, вядома, далучыцца! Ладзіліся тэматычныя выставы і ў фае…

Завяршыўся конкурс “Чытаем разам з летам” фестывалем летняга чытання “Лету на развітанне скажам “Да пабачэння!” Былі вызначаны і аб’яўлены лепшыя чытальнікі, якія з задавальненнем адолелі за канікулы найбольшую колькасць кніг і ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах бібліяпляцоўкі. Вось іх імёны: Паліна, Аляксандр і Дар’я Злотнік, Ганна і Арсеній Зарэцкія, Павел і Дар’я Лісіца, Анастасія Мазурук, Аляксандр Чашун, Нэлі Кірычык, Ангеліна Ігнацюк, Анастасія Мышленнік, Вікторыя Козел, Ганна Злох, Варвара і Ілья Калянюк, Паліна Несцярэнка, Міхаіл Якубовіч, Мацвей Жук, Сафія Пашко, Дар’я Авадок, Вера Рыжкоўская, Анастасія Лівак, Вікторыя Філіповіч, Ілья Баеў, Марк Цэкала, Вадзім Дземідзюк, Савелій Мартысюк. Усе лідары атрымалі граматы на школьных лінейках.

Асобна ж варта выдзеліць Ілью Баева, які практычна штодзень прыходзіў у бібліятэку і затрымліваўся ля паліц часам ажно на гадзіну – выбіраў доўга і ўдумліва. Яму выдавалі за адзін раз па 9 кніг (у асноўным энцыклапедыі), бо ведалі, што хлопчык хутка ўсё прачытае і абавязкова верне. Разам з Ільёй часта прыходзілі яго не менш начытаныя сябры – Вадзім Дземідзюк і Марк Цэкала. Яны любяць выданні пра гісторыю і прыгоды, любімая серыя – творы Ірыны Токаравай “Часы, или Тим в Мирском замке (в Древнем Египте, в Средневековье…)”.

– Назіраць за тым, як гэта трыа выбірае кнігі, было вельмі цікава, – дзеліцца Раіса Іванаўна. – Як сур’ёзна размаўляюць, абмяркоўваюць, раяць адзін аднаму: вазьмі гэта, вазьмі тое, я чытаў, і ты пачытай. Неардынарныя дзеці! І такіх, на шчасце, у нас многа!

Часам здаралася і так, што дзіця прыходзіла, брала кніжку, ішло на вуліцу, прачытвала яе, седзячы на лавачцы (праз акно бібліятэкі відаць), і вярталася за новай. Потым яшчэ раз. І яшчэ. Цікавы падыход, праўда?

Цікаўлюся, як жа далучыць малечу да чытання. І бібліятэкары гавораць пра ролю бацькоў у гэтым працэсе. Лепш за ўсё тут працуе ўласны прыклад. Калі дзіця чытае, значыць, і дома ў яго чытаюць. Мамы і таты могуць з першых дзён жыцця дзіцяці чытаць яму ўслых – так і прывучаюцца любіць кніжныя гісторыі. Такія бацькі самі вядуць дзіця ў бібліятэку.

Часам, на жаль, бываюць і процілеглыя сітуацыі. Калі бацькі за руку цягнуць дзіця ў бібліятэку і кажуць: “Вось так табе! Больш ніякага тэлефона, будзеш чытаць”.

– Гэта становіцца пакараннем, якое безумоўна адаб’е ўсялякую ахвоту браць у рукі кнігу. Патрэбен іншы падыход! – упэўнена бібліятэкар чытальнай залы Алена Красоўская.

Вельмі важны і першы прыход дзіцяці ў храм кнігі. Патрэбна зацікавіць хлопчыка ці дзяўчынку. Важны і тон голасу падчас гутаркі, занадта строгі можа напужаць – лепш падыходзіць вельмі мякка. Пры першым запісе ў Камянецкую дзіцячую бібліятэку, дарэчы, кожнаму дораць закладку, што таксама важна.

– І першая кніжка іграе вялікую ролю, – зазначае бібліятэкар абанемента Ганна Грышкоўская. – Трэба ведаць, якую даць. Каб была з малюнкамі, малой колькасцю тэксту, каб літары вялікія. І яшчэ літаральна ўсе просяць новую. Пасля першага знаёмства з дзіцем мы ўжо ведаем, што яму прапаноўваць, як гутарыць. Усе дзеці розныя. Бываюць вельмі няпростыя, да якіх не адразу знойдзеш падыход. Але мы стараемся і спраўляемся.

– Дзеці сапраўды любяць чытаць. Паверце! – радасна паўтарае Раіса Паўлючук.

Прыемна ведаць гэта. Прыводзьце сваіх сыноў і дачок у бібліятэку! Іх тут заўсёды чакаюць і сустрэнуць з радасцю!

Настасся НАРЭЙКА

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки